НАВАДВО́РСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 1648—1817 у в. Новы Двор (цяпер у Пінскім р-не Брэсцкай вобл.). Засн. Р.М.Валадковічам, які адпісаў яму 2 часткі свайго маёнтка Новы Двор і падначаліў Грозаўскаму манастыру. У сярэдзіне 18 ст. заняты уніятамі, пазней вернуты праваслаўным і прыпісаны да Пінскага Богаяўленскага манастыра. Будынкі былі драўляныя, не зберагліся. Ў манастыры знаходзіўся цудатворны абраз Маці Божай, намаляваны, паводле легенды, у 13 ст. кіеўскім мітрапалітам Пятром. У 19 ст. абраз перавезены ў Суражыцкі манастыр Чарнігаўскай епархіі.

А.А.Ярашэвіч.

т. 11, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)